Прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі
9 жніўня 2020 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх не былі прызнаныя ні беларускім народам, ні большасьцю краінаў сьвету, у тым ліку краінамі ЕЗ, ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй.
Сутыкнуўшыся зь мірнымі дэманстрацыямі супраць фальсіфікацый, улады ўчынілі беспрэцэдэнтны гвалт: супраць дэманстрантаў былі ўжытыя вадамёты, сьветлашумавыя гранаты, гумовыя кулі. Жорстка затрыманыя больш за 30 000 чалавек, у дачыненьні да якіх мелі месца больш за 1400 даведзеных выпадкаў жорсткага абыходжаньня, катаваньня, гвалту. Мінімум 7 чалавек загінулі. Улады адмаўляюцца расследаваць выпадкі жорсткага абыходжаньня – супраць прадстаўнікоў сілавых структураў не заведзена ніводнай крымінальнай справы.
Беларускі народ фактычна апынуўся ў закладніках у нелегітымнага прэзідэнта і яго сілавікоў. Праваахоўная ды судовая сістэма больш не дзейнічаюць: людзей арыштоўваюць, зьбіваюць, выкрадаюць, прымусова дэпартуюць з краіны, катуюць, штрафуюць, звальняюць; да затрыманых не дапускаюць адвакатаў, судовыя паседжаньні праходзяць праз Скайп, сьведкі абвінавачваньня хаваюць свой твар і прадстаўляюцца выдуманымі імёнамі. Журналісты міжнародных СМІ пазбаўленыя акрэдытацыі ды дэпартаваныя з краіны, беларускіх журналістаў затрымліваюць, у краіне блакуюць сайты дэмакратычных арганізацыяў і СМІ, адключаюць Інтэрнэт.
Масавыя пратэсты, стачкі, акцыі салідарнасьці ў Беларусі працягваюцца з 9 жніўня да сёньняшняга дня. Акцыі салідарнасьці праходзяць па ўсім сьвеце, беларусы замежжа падтрымліваюць патрабаваньні дэманстрантаў: спыніць гвалт, расследаваць выпадкі гвалту і катаваньняў, вызваліць палітвязьняў, правесьці новыя выбары пад назіраньнем АБСЭ.
Чаму выбары не былі ні сумленнымі, ні справядлівымі?
Выбары суправаджаліся сур’ёзнымі парушэньнямі Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і міжнародных нормаў на ўсіх этапах:
• галоўных канкурэнтаў дзейнага прэзідэнта адмаўляліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты, арыштоўвалі, змушалі зьехаць з краіны (Бабарыка і Ціханоўскі да гэтага часу знаходзяцца ў турме на падставе сфабрыкаваных абвінавачваньняў);
• незалежным членам не было дазволена ўвайсьці ў склад выбарчых камісій (з больш чым 6000 чалавек, якія падалі заяўкі, у камісіі былі ўключаныя толькі 7);
• незалежных назіральнікаў не пускалі на выбарчыя ўчасткі, і яны былі вымушаныя назіраць за выбарамі знадворку;
• АБСЕ не была своечасова запрошаная Беларуссю да назіраньня за выбарамі;
• лічбы, датычныя яўкі падчас датэрміновага галасаваньня, былі сфальсіфікаваныя (каля 40 працэнтаў па афіцыйных дадзеных супраць 12 працэнтаў па дадзеных незалежнага назіраньня);
• шматлікія фальсіфікацыі адбываліся падчас падліку галасоў, у выніковыя пратаколы часта заносіліся лічбы, якіх патрабавала выканаўчая ўлада. Парушэньні зафіксаваныя на звыш 30 працэнтаў усіх участкаў;
• дадзеныя апублікаваных пратаколаў (каля 60 працэнтаў за Лукашэнку) разыходзяцца вынікамі, абвешчанымі ЦВК (80,3 працэнта);
• пратаколы на шматлікіх выбарчых участках не былі апублікаваныя, а бюлетэні былі знішчаныя ў першыя дні пасля выбараў.
Згодна з вынікамі незалежных сацыялагічных апытаньняў і зьвесткамі, сабранымі назіральнікамі на ўчастках і платформамі альтэрнатыўнага падліку галасоў, а таксама згодна з пратаколамі «сумленных» выбарчых участкаў, Аляксандр Лукашэнка набраў не болей за 20 працэнтаў галасоў, у той час як за Сьвятлану Ціханоўскую прагаласавала ад 56 да 95 працэнтаў выбаршчыкаў.
Падрабязную справаздачу аб фальсіфікацыях падрыхтавалі незалежныя платформы «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі». Яны прыйшлі да наступных высноваў:
На падствае атрыманых і апрацаваных афіцыйных участковых пратаколаў і фатаграфій бюлетэняў можна сцвярджаць, што:
1) выбары з’яўляюцца несапраўднымі, бо фальсіфікацыі былі выяўленыя на кожным трэцім выбарчым участку;
2) вынікі, абвешчаныя ЦВК, значна разыходзяцца з афіцыйнымі дадзенымі участковых пратаколаў;
3) Аляксандр Лукашэнка ня можа лічыцца легітымным прэзідэнтам Беларусі;
4) вялікая колькасьць галасоў, аддадзеных за Сьвятлану Ціханоўскую, была скрадзеная ўчастковымі камісіямі.
Падрабязная справаздача па-ангельску: https://belarus2020.org/